Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Так каваляся перамога. Стоўбцы, Смалявічы, Жодзіна, Пухавічы

s000535_876135.jpg У сярэдзіне чэрвеня 1944-га ў распараджэнне генерала арміі Канстанціна Ракасоўскага паступіў 4-ы гвардзейскі кавалерыйскі Кубанскі корпус пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Ісы Пліева. Яго ўзмацнілі, дадалі танкавы і механізавана-артылерыйскі карпусы, авіяцыйна-штурмавую дывізію, іншыя фарміраванні. Перад кавалерыстамі-казакамі стаяла задача пранікаць у тыл і граміць рэзервовыя падраздзяленні ворага. Гэта дапамагала асноўным агульнавайсковым злучэнням Чырвонай Арміі імкліва прасоўвацца наперад.

Вызваленне Стоўбцаў пачалося каля вёскі Новы Свержань (на фота). Сёння там знаходзіцца мемарыяльны знак. Пасля схаванай разведкі і дачакаўшыся падыходу танкавага палка, савецкія войскі перайшлі ў наступ. Было каля 10 гадзін. Танкісты нанеслі ўдар па горадзе з паўднёвага захаду, кавалерысты – з паўднёвага ўсходу. Бой быў жорсткім. Вораг пад націскам воінаў-вызваліцеляў не вытрымаў і ў сярэдзіне дня 2 ліпеня здаў пазіцыі ў горадзе і на чыгуначнай станцыі, адступіўшы ў напрамку Налібоцкай пушчы.

У ходзе аперацыі «Баграціён» у гэты ж дзень былі вызвалены і Смалявічы, акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі 26 чэрвеня 1941-га.

За гады акупацыі тут загінулі больш за 2 тыс. мірных жыхароў, было створана гета, расстраляны каля 3 тыс. грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці. Вызвалены Смалявічы былі часцямі 2-га гвардзейскага Тацынскага танкавага корпуса 11-й гвардзейскай арміі і часцямі 352-й стралковай дывізіі 31-й арміі 3-га Беларускага фронту.

Перавярнулі страшную старонку гісторыі ў гэты дзень і жыхары Жодзіна. Вырашальную ролю ў вызваленні горада адыграў 1-ы батальён 3-й танкавай брыгады пад камандаваннем маёра Швецова. Знамянальнай датай стала 2 ліпеня і для Пухавічаў.