Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Так кавалася перамога

Слонім

Слонім быў захоплены нямецка-фашысцкімі войскамі 24 чэрвеня 1941 года і да 10 ліпеня 1944 года знаходзіўся пад акупацыяй.

Гэты час стаў суровым выпрабаваннем. У Слонімскім раёне гітлераўцы знішчылі 61 вёску, з іх 5 – разам з жыхарамі. У горадзе было створана гета, у якім загінулі 25 тыс. чалавек. У канцы 1942 года за адну ноч фашысты расстралялі больш за 350 прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі. Такія бясчынствы нямецкіх захопнікаў не заставаліся беспакаранымі. На тэрыторыі раёна актыўна дзейнічалі падпольшчыкі і партызаны. Побач з дарослымі змагаліся падлеткі. Вынікі гэтай барацьбы былі прыкметнымі. Толькі брыгада Фёдара Сінічкіна за два гады пусціла пад адхон 150 эшалонаў, узарвала 476 аўтамашын, падбіла 2 самалёты, знішчыла і параніла некалькі тысяч варожых салдат і афіцэраў. Пасля заканчэння вайны легендарны камандзір, Герой Савецкага Саюза застаўся ў родным Слоніме. Фёдар Міхайлавіч доўгі час працаваў старшынёй райвыканкама.

Слоним памятник воинам-освободителям.jpg

У Слонімскай зямлі спачывае прах амаль 50 тыс. загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай. Адзін з помнікаў усталяваны на брацкай магіле, у якой пахавана больш за тысячу воінаў і партызан. У 1965 годзе тут быў запалены Вечны агонь, прывезены з Брэсцкай крэпасці.

Падчас баёў за Слонім чырвонаармейцы сутыкнуліся з лютым супрацівам фашыстаў у заходняй частцы горада. Але ім на дапамогу прыйшлі мясцовыя жыхары, якія паказалі шлях праз раку Шчару для нашых танкаў. 10 ліпеня 1944-га войскі 65-й арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе наступлення на Баранавіцка-Брэсцкім напрамку вызвалілі горад ад гітлераўскіх захопнікаў. Загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага вызначыліся злучэнням і частках прысвоена ганаровае найменне «Слонімскіх».


Лунінец

10 ліпеня для Лунінца з'яўляецца адначасова чорнай і чырвонай датай. У гэты дзень у 1941 годзе горад быў акупаваны нямецка-фашысцкімі войскамі, а ў 1944-м – вызвалены.

Нягледзячы на цяжкасці і небяспекі ўжо з першага месяца акупацыі ў раёне пачалі дзейнічаць патрыятычныя групы. У 1942 годзе на іх аснове быў створаны першы партызанскі атрад імя Кірава, якім камандаваў Андрэй Савіцкі («Пятровіч»). З часам атрад перарос у брыгаду, якая ўвайшла ў склад Пінскага партызанскага злучэння пад камандаваннем легендарнага Васіля Каржа. На тэрыторыі раёна падчас вайны дзейнічала два падполлі: Сінкевіцкае, якое ўзначальваў Міхаіл Кляўжыц, і Чарабасаўскае на чале з Аляксандрам Дунцом.

Карнікам не ўдалося дамагчыся поспехаў у барацьбе з партызанамі, але яны жорстка распраўляліся з мясцовым насельніцтвам. За час акупацыі пацярпела 22 населеныя пункты Лунінеччыны. На яе тэрыторыі былі праведзены тры буйныя карныя аперацыі пад кодавымі назвамі «Люты» (Люты 1943-га), «Русалка» (люты – сакавік 1943-га) і «Цёплы вецер» (сакавік 1943-га). Акупанты стварылі на тэрыторыі раёна некалькі гета: у Лунінцы, Кажан-Гарадку, вялікіх Чучавічах і Лахве. Апошняе ўвайшло ў гісторыю сваім паўстаннем, якое адбылося 3 верасня 1942-­га.

6-7 ліпеня 1944 года пачаліся цяжкія баі на Пінскім напрамку.

У іх былі задзейнічаны часткі 23-й і 55-й стралковых дывізій Чырвонай Арміі, караблі 2-й брыгады Днепрапятроўскай флатыліі, партызаны Пінскага злучэння. 10 ліпеня Лунінец быў цалкам вызвалены ад гітлераўцаў.