Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Так кавалася перамога

Гродна

16 ліпеня споўнілася 80 гадоў з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў горада Гродна.

Летам 1944-га ў выніку разгрому буйных сіл праціўніка пад Віцебскам, Магілёвам, Бабруйскам і Мінскам была завершана першая частка беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён». Ужо 4 ліпеня Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання аддала франтам наступны загад: 3-му беларускаму рухацца на Вільню і часткай сіл на Ліду; 2-му – на Навагрудак, Гродна, Беласток; 1-му беларускаму – на Баранавічы, Брэст і захапіць плацдарм на Заходнім Бугу.

Гродно. Памятник защитникам форта № 1

Каб дэзарганізаваць перавозкі гітлераўцаў, масіраваныя налёты на чыгуначныя аб'екты здзяйсняла авіяцыя. Адначасова ў барацьбу актыўна ўключыліся партызанскія фарміраванні. У выніку сумесных дзеянняў чыгуначныя перавозкі праціўніка былі ў значнай ступені паралізаваны. Выкарыстоўваючы спрыяльную абстаноўку і пераадольваючы адчайны супраціў ворага, войскі 2-га Беларускага фронту прасунуліся за 12 дзён на 270 кіламетраў. У ходзе гэтых баёў быў вызвалены Навагрудак, а затым Ваўкавыск. Ацаніўшы поспехі Чырвонай Арміі, гітлераўцы максімальна ўмацавалі рубяжы на ўсход ад Гродна, у тэрміновым парадку папоўнілі колькасць войскаў прыбылымі паліцэйскімі палкамі. Гітлер абвясціў нямецкія абарончыя пазіцыі па рацэ Нёман так званым непрыступным нёманскім валам, а Гродна – крэпасцю.

Прасоўванне савецкіх салдат да абласнога цэнтру было сапраўды цяжкім. Адной з сур'ёзных перашкод на шляху да горада стала чыгунка Гродна–Вільнюс. Размешчаную на ёй станцыю Парэчча немцы сур'ёзна абаранялі. Тут было засяроджана два батальёна пяхоты з артылерыяй і мінамётамі. Ачысціць станцыю ад ворага дазволілі вокамгненны ўдар і рашучасць нашых байцоў. Да вечара 13 ліпеня былі заняты важныя вышыні, пануючыя над Гродна. На подступах да горада разгарнуліся жорсткія бітвы, кольца акружэння сціскалася. Увесь гэты час разам з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі з ворагам змагаліся партызаны. Нямецкія войскі адчайна супраціўляліся, але ўжо 15 ліпеня баі выйшлі на вуліцы абласнога цэнтра.

Аднымі з першых у Гродна ўвайшлі, а дакладней уварваліся і прынялі ўвесь удар на сябе часткі 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса пад камандаваннем генерала Мікалая Ослікоўскага. У авангардзе быў эскадрон 23-га кавалерыйскага палка, якім кіраваў Мікалай Аўчыннікаў. Конніцу падтрымлівалі танкі 198-га асобнага танкавага палка падпалкоўніка Канстанціна Карпава. Гэта фарміраванне ўваходзіла ў склад 6-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі пад камандаваннем генерала Паўла Брыкеля. Услед за кавалерыйскімі дывізіямі ў горад уступілі стралковыя злучэнні 31-й арміі 3-га Беларускага фронту. Да зыходу дня 15 ліпеня да ўсходняй ускраіны выйшлі дывізіі 69-га і 81-га стралковых карпусоў 50-й арміі 2-га Беларускага фронту. Пасля начнога бою на досвітку 16 ліпеня асноўная правабярэжная частка Гродна была ачышчана ад немцаў. У той жа дзень Масква салютавала доблесным войскам, якія авалодалі абласным цэнтрам, артылерыйскімі залпамі з 224 гармат. У загадзе Вярхоўнага Галоўнакамандуючага адзначалася:«Войскі 3-га і 2-га Беларускіх франтоў пры ўмелым узаемадзеянні сваіх злучэнняў сёння, 16 ліпеня, штурмам авалодалі горадам і крэпасцю Гродна – буйным чыгуначным вузлом і важным умацаваным раёнам абароны немцаў, якія затуляюць подступы да межаў Усходняй Прусіі». У азнаменаванне гэтай перамогі 17 злучэнням і часткам, якія найбольш вызначыліся ў баях, было прысвоена ганаровае найменне «Гродзенскіх».

Між тым цяжкія баі ў занёманскай частцы горада працягваліся яшчэ 8 дзён. У гісторыю ўвайшла абарона форта №1 Гродзенскай крэпасці, якая па сваім гераізме не саступала знакамітай абароне Брэсцкай цытадэлі. Каля вёскі Загараны ў акружэнне трапілі два батальёны 42-й стралковай дывізіі. Супраць гэтага форта немцы кінулі танкавае фарміраванне СС «Мёртвая галава». Штурм працягваўся некалькі дзён. Калі ў выніку артабстрэлу вораг адступіў, чырвонаармейцы змаглі сысці з умацавання. Адыход прыкрывала рота пад камандаваннем лейтэнанта Мікалая Падгурскага. З пачаткам чарговага штурму уцалелыя салдаты спусціліся ў 30-метровую шахту. Фашысты скінулі ў яе некалькі бочак з палівам і падпалілі. Але і тады байцы працягвалі адстрэльвацца. Гітлераўцы былі ўражаны стойкасцю і мужнасцю савецкіх салдат. Апошнімі ў форце заставаліся лейтэнанты Мікалай Падгурскі і Андрэй Шпіеў. Знаходзячыся ў глыбіні шахты, яны застрэліліся, пакінуўшы перадсмяротныя запіскі. Так, Мікалай Падгурскі напісаў (арфаграфія захавана): «Таварышы хто знойдзе нас мёртвымі так ведайце, што мы загінулі сумленна як належыць воінам Чырвонай Арміі, абараняючы гонар і незалежнасць нашай род... СМЕРЦЬ нямецкім акупантам! адпомсціце за нас Това ... лт Падгурскі» Побач з фортам № 1 усталяваны помнік у гонар загінуўшых салдат і афіцэраў 455-га стралковага палка. Па назвах гарадоў насупраць прозвішчаў можна зразумець, што тут гераічна змагаліся байцы з усяго Савецкага Саюза. У вёсцы Загараны ўзвышаецца яшчэ адзін мемарыял на брацкай магіле. У гэтым месцы ў 1944 годзе загінулых з форта хаваў жыхар вёскі Салаўі Б.П. Якуцэвіч.

Красноармейцы беседуют с жительницами освобожденного Гродно. 16 июля 1944 года (1).jpg

Падчас вызвалення Гродна таксама вызначылася 1-я гвардзейская Магілёўская інжынерна-штурмавая брыгада, якой камандаваў палкоўнік Аслан Візіраў. Яе батальёны былі спецыяльна навучаны вырашаць шырокі спектр баявых задач: размініраванне, будаўніцтва перапраў, барацьба з нямецкай бронетэхнікай. 16 ліпеня сапёры ўвайшлі ў горад, падрыхтаваны фашыстамі да выбуху. Дзякуючы байцам гэтых батальёнаў Гродна ўдалося выратаваць ад поўнага знішчэння. 24 ліпеня пасля настойлівых баёў і адлюстравання магутнага контрудару абласны цэнтр быў ачышчаны ад фашыстаў. Дарэчы, галоўным распрацоўшчыкам найважнейшай наступальнай аперацыі часоў Вялікай Айчыннай вайны «Баграціён» быў ураджэнец Гродна, выдатны стратэг Аляксей Інакенцьевіч Антонаў.

Памяць аб тых, хто вызваляў горад і каваў Вялікую Перамогу, увекавечана ў абелісках і мемарыялах, імёны герояў носяць вуліцы, навучальныя ўстановы, пагранзаставы. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваюцца дакументы і фатаграфіі, звязаныя з гэтым перыядам гісторыі Гродна, асабістыя рэчы байцоў.


Мікалай Шаўчэнка, 

член Беларускага саюза журналістаў