Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Так кавалася перамога

Баранавічы

Баранавічы былі акупіраваны нямецкімі войскамі 27 чэрвеня 1941-га.

У горадзе літаральна адразу з'явілася гета, у якое сагналі каля 30 тыс. яўрэяў. Больш за 50 тыс. ваеннапалонных і грамадзянскіх асоб расстралялі і замучылі ў лагеры № 337, які размясцілі непадалёк ад чыгуначнай станцыі Лясная. Акрамя канцлагераў у горадзе была арганізавана цэлая сетка паліцэйскіх і гестапаўскіх засценкаў, дзе адбываліся сістэматычныя забойствы. Уладкоўваліся аблавы на юнакоў і дзяўчат, якіх адпраўлялі на працы ў Германію. Гітлераўцы на тры гады ўсталявалі рэжым жорсткага тэрору і гвалту. Але гэта не зламала волю патрыётаў: яны стварылі разгалінаваную сетку падпольных арганізацый і груп. Адной з прыярытэтных мэтаў антыфашысцкага супраціву стала парушэнне руху нямецкіх эшалонаў да фронту. Не засталіся ў баку і чыгуначнікі. Так, вясной 1943 года ў лакаматыўным дэпо Баранавічы дзейнічала падпольная група пад кіраўніцтвам Канстанціна Бадака.

Барановичи, июль 1944 года.jpg

Падчас акупацыі Баранавічаў было спалена і знішчана 80% прамысловых прадпрыемстваў, розных устаноў і жылых дамоў. Горад вызвалілі 8 ліпеня 1944 года ў ходзе наступлення войскаў 1-га Беларускага фронту ва ўзаемадзеянні з партызанскімі атрадамі. 28 воінскім часцям і злучэнням, якія вызначыліся прысвоена ганаровае найменне «Баранавіцкіх».


Ліда

У Ліду вайна прыйшла ў першы ж дзень: раніцай 22 чэрвеня 1941 года фашысцкія самалёты з'явіліся ў небе над горадам і чыгуначнай станцыяй Нёман.

Адзін з іх са звычайнай вінтоўкі быў падбіты салдатам, які ахоўваў мост праз раку. 27 чэрвеня горад акупіравалі нямецкія войскі. Жыхары баяліся выходзіць з дому – фашысты наводзілі «Новы парадак». Толькі ўстаноўленых ахвяр варожых бясчынстваў налічваецца звыш 12 тысяч.

8 мая 1942 года ў Лідзе адбыўся масавы расстрэл яўрэйскага насельніцтва – 5670 чалавек. Супрацьстаялі ворагу народныя мсціўцы: на Лідчыне дзейнічалі 26 партызанскіх атрадаў (каля 5 тыс. байцоў). Да канца 1943 года ў горадзе ўтварыліся чатыры самастойныя групы падпольшчыкаў, самая шматлікая – у чыгуначным вузле пад кіраўніцтвам Мікалая Ігнатава і Аляксандра Клімко. Гітлераўцы жылі як на парахавой бочцы. Лідскае падполле дзейнічала амаль да канца акупацыі. Аднак вясной 1944 года ў выніку здрадніцтва большасць народных мсціўцаў была арыштавана. Машыніста Міхаіла Ігнатава забралі ў гестапа проста з дэпо. 23 чэрвеня пасля жорсткіх катаванняў яго расстралялі. А за пяць дзён да вызвалення Ліды, 3 ліпеня, недалёка ад горада ў лесе фашысты ўчынілі масавую расправу над падпольшчыкамі – забілі больш за сорак чалавек.

Лида (1).jpg

Ліда была вызвалена 8 ліпеня 1944 года войскамі 3-га Беларускага фронту ўсяго за тры гадзіны. Імгненную атаку правёў гвардзейскі кавалерыйскі корпус пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Мікалая Ослікоўскага. 9 ліпеня Масква салютавала вызваліцелям Ліды. Чатыром часткам і злучэнням, якія вызначыліся пры вызваленні горада, прысвоена ганаровае найменне «Лідскіх».