Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Так кавалася перамога

Маладзечна

У ходзе Віленскай аперацыі войскамі 3-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі Івана Чарняхоўскага 5 ліпеня 1944 вызвалены горад Маладзечна. Вызначыўшымся ў баях 13 частках і злучэнням прысвоены ганаровыя найменні «Маладзечанскіх». Масква салютавала 12 залпамі з 124 гармат вызваленню гэтага буйнага чыгуначнага вузла.

Населены пункт нямецка-фашысцкія захопнікі акупіравалі 26 чэрвеня 1941-га. Ужо ў ліпені ў горадзе быў створаны лагер «Шталаг-342». За тры гады праз яго прайшло больш за 80 тыс. чалавек, звыш 33 тыс. – загінулі. На гэтым месцы ў памяць аб ахвярах фашызму адкрыты мемарыяльны комплекс. Таксама ў Маладзечне размяшчаўся перасыльны лагер «Дулаг-112» для савецкіх ваеннапалонных. За калючы дрот фашысты кідалі таксама жыхароў горада і дзяцей, якіх выкарыстоўвалі ў якасці донараў крыві для нямецкіх салдат. Але горад не здаваўся. Супраціўленне ворагу аказвалі партызаны і падпольшчыкі. На чыгуначнай станцыі актыўна дзейнічалі групы Данііла Герновіча («Марака»), якія падтрымлівалі сувязь з партызанскай брыгадай імя В.П. Чкалава. Яны збіралі звесткі аб складах, падрывалі эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага. На будынку вакзала была адкрыта мемарыяльная дошка ў іх гонар.

Вялікая Айчынная нанесла вялікія страты гораду, які разбурылі на 90%, яго насельніцтва скарацілася ўдвая. На першай жа пасляваеннай сесіі гарсавета было прынята рашэнне як мага хутчэй адрадзіць Маладзечна. І гэта было зроблена. Жыхары райцэнтра свята захоўваюць памяць аб сваіх героях. У 1946 годзе тут быў закладзены парк Перамогі, а ў 1982-м у ім узведзены мемарыяльны комплекс у гонар вызваліцеляў.


Валожын

Горад быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі войскамі 25 чэрвеня 1941-га і ачышчаны ад ворага 5 ліпеня 1944 года ў ходзе Віленскай аперацыі. Вызвалялі яго часткі 3-га гвардзейскага танкавага корпуса (камандзір – генерал-маёр Іван Воўчанка) 5-й гвардзейскай танкавай арміі.

Прасоўваючыся па Валожынскім раёне каля вёскі Сугвозды, разведчыкі выявілі вялікую калону варожай тэхнікі: 200 аўтамашын з салдатамі і боепрыпасамі набліжаліся да Валожына. Гэта была група пад камандаваннем генерала Карла Мюлера, якая прыбыла з Германіі для падмацавання Мінскай групоўкі, але спазнілася і вымушана адступала. Атака савецкіх танкаў стала для фашыстаў поўнай нечаканасцю. У зводкі Саўінфармбюро за 6 ліпеня 1944 года паведамлялася: «На захад ад горада Мінска нашы войскі з баямі авалодалі важнымі вузламі грунтавых дарог, гарадамі Валожын і Івянец. Па няпоўных дадзеных на гэтым участку знішчаны 1 тысяча 200 нямецкіх салдат і афіцэраў, 7 танкаў, 4 самаходныя гарматы, захопленыя ў немцаў 3 танка, 19 палкавых гармат, 11 мінамётаў, шмат машын і павозак з грузамі. Узяты палонныя».

№2.jpg

Пераадольваючы ўпарты супраціўленне праціўніка, першымі ў Валожын увайшлі Воіны 3-й гвардзейскай танкавай брыгады (камандзір – падпалкоўнік Канстанцін Грыцэнка), 18-й гвардзейскай танкавай брыгады (камандзір – падпалкоўнік Васіль Есіпенка), 2-й гвардзейскай мотастралковай брыгады (камандзір – палкоўнік Дзмітрый Далганаў), 88-й Віцебскай стралковай дывізіі (камандзір – Рахім Максутаў) пры актыўнай падтрымцы 1-га гвардзейскага бамбавальнага корпуса (камандзір – генерал-маёр Уладзімір Ушакоў).


Ляхавічы

Ляхавічы знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй тры гады.

На тэрыторыі раёна баявыя дзеянні пачаліся 24 чэрвеня 1941 года, але ўжо праз два дні ў Ляхавічы ўвайшлі гітлераўцы. Горад сустрэў іх пустыннымі вуліцамі. Адразу пасля яго захопу нацысты стварылі гета. Па няпоўных дадзеных, да вясны 1943 года ў Ляхавічах і ваколіцах было знішчана больш за 4,7 тыс. яўрэяў. На тэрыторыі раёна фашысты спалілі 48 населеных пунктаў. Але ворагу давялося несалодка на беларускай зямлі. З першых дзён акупацыі ў барацьбу ўключыліся партызаны. Адной з самых вядомых была разведвальнадыверсійная група «Сокалы» пад кіраўніцтвам Кірыла Арлоўскага («Мухамухальскі», «Раман»).

Ляховичи (1).jpg

5 ліпеня 1944 года ў ходзе вызваленчай аперацыі «Баграціён» 19-я механізаваная брыгада сумесна з часцямі 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі, 28-й і 65-й армій, а таксама з 65-м танкавым палком асаблівага прызначэння ўступілі ў баі за горад Ляхавічы. Савецкія войскі абышлі праціўніка з флангаў і прарвалі абарону. Да поўдня 6 ліпеня савецкія войскі выйшлі на паўднёва-заходнюю ўскраіну горада і спыніліся на ўсходнім беразе ракі Ведзьмы. Праціўнік аказаў моцнае супраціўленне, але быў выбіты з занятых пазіцый. 7 ліпеня ўсю Ляхавіцкую зямлю ачысцілі ад акупантаў.