Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Так кавалася Перамога. Віцебск і Орша

80 гадоў назад, 23 – 28 чэрвеня 1944 года войскамі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў (камандуючыя генерал арміі Іван Баграмян і генерал арміі Іван Чарняхоўскі) была паспяхова праведзена Віцебска-Аршанская наступальная аперацыя. Яе мэтай стаў разгром войскаў левага крыла нямецкай групы армій «Цэнтр» і забеспячэнне далейшага наступлення Чырвонай Арміі. Дзеянні франтоў каардынаваў прадстаўнік Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання маршал Аляксандр Васілеўскі.

Баі за Віцебск.jpg

Важныя чыгуначныя вузлы – Віцебск і Оршу – гітлераўцы ператварылі ў магутныя пункты супраціву, ўтрыманню якіх надавалася асаблівае значэнне: Віцебск прыкрываў дарогу на Прыбалтыку, а праз Оршу ішоў самы кароткі шлях на Мінск. Праціўнік абараняўся сіламі 3-й танкавай і часткай сіл 4-й арміі, маючы семнаццаць дывізій агульнай колькасцю парадку 140 тыс. Іх дзеянні падтрымліваў 6-й паветраны флот.

З успамінаў камандуючага 1-м Прыбалтыйскім фронтам генерала Івана Баграмяна: «Усе задачы, якія стаялі перад фронтам, пасля ўважлівага абдумвання было вырашана выканаць у тры этапы: на першым – ўзламаць абарону праціўніка на 25 кіламетровым участку ад населенага пункта Балотоўка да Тошнік у стыку груп армій «Поўнач» і «Цэнтр» на ўсю глыбіню тактычнай зоны; на другім – увесці ў прарыў у напрамку на Бешанковічы наш адзіны танкавы корпус, з ходу фарсіраваць Заходнюю Дзвіну, захапіць на яе левым беразе плацдармы і адначасова ва ўзаемадзеянні з 39-й арміяй 3-га Беларускага фронту акружыць і знішчыць Віцебскую групоўку праціўніка; на трэцім – фарсіраваць раку Улу, разграміць Полацкую і лепельскую групоўкі праціўніка і авалодаць гарадамі Полацк, Лепель і Камень».

У зводках Саўінфармбюро тых дзён часта згадвалася назва беларускага населенага пункта Шуміліна. Тут у 1944 годзе гітлераўцы стварылі моцны вузел абароны, разумеючы, што ў выпадку яго страты Савецкім часцям адкрываўся шлях да Заходняй Дзвіны. У баях асабліва вызначыўся 935-й стралковы полк 306-й стралковай дывізіі 43-й арміі, якім камандаваў падпалкоўнік Аляксей Бяспятаў. Яго байцы пад моцным мінамётным і кулямётным агнём першымі пераправіліся праз раку на падручных сродках. Камандзір палка асабістым прыкладам натхняў салдат. За ўзорнае кіраванне боем, выдатнае выкананне загаду падпалкоўніку Аляксею Бяспятаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Герой Советского Союза Юрий Смирнов.jpg
Герой Савецкага Саюза Юрый Смірноў

Пры падрыхтоўцы фарсіравання Заходняй Дзвіны войскам вялікае садзейнічанне аказвалі мясцовыя жыхары. Яны дапамагалі з разведкай ракі ў адзначаных раёнах, паказвалі ўцалелыя і наведзеныя фашыстамі масты. Войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту, ведучы жорсткія баі на поўдзень ад Віцебска, пашырылі прарыў да 80 км і вызвалілі больш за 300 населеных пунктаў. Для развіцця поспеху ў бітву была ўведзена коннамеханізаванная група генераллейтэнанта Мікалая Осликовского. У ноч з 24 на 25 чэрвеня 179-я стралковая дывізія 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага і 19-я гвардзейская стралковая дывізія 39-й арміі 3-га Беларускага франтоў у выніку глыбокага абыходнага манеўру замкнулі кольца ў раёне Гняздзілавічаў. Такім чынам, 5 нямецкіх дывізій 3-й танкавай арміі агульнай колькасцю больш за 40 тыс.чалавек былі акружаны і адначасова рассечаны на часткі.

Між тым, фарсіраваўшы Заходнюю Дзвіну, нашы часткі ўжо авалодалі цэнтральным раёнам Віцебска і раніцай 26 чэрвеня 1944 года абласны цэнтр быў цалкам ачышчаны ад гітлераўскіх захопнікаў. Першай у горад увайшла 158-я дывізія 84-га стралковага корпуса, якой камандаваў палкоўнік Дзям'ян Ганчароў. Пасля за баявыя адрозненні, праяўленыя пры вызваленні абласнога цэнтра, гэта злучэнне было ўдастоена ордэна Чырвонага Сцяга. Сцяг, які сімвалізаваў выгнанне акупантаў, над будынкам Дома спецыялістаў узняў ураджэнец Віцебска капітан разведроты 881-га стралковага палка 158-й стралковай дывізіі Дзмітрый Мясаедаў. Якім з'явіўся абласны цэнтр перад яго вызваліцелямі? У ім захавалася ўсяго 7% жылых пабудоў, а савецкіх воінаў сустракалі 118 жыхароў з амаль 170 тысячнага даваеннага насельніцтва. Убачыўшы разбураныя вуліцы, прадстаўнікі саюзнікаў усклікнулі: «Гэта мёртвы горад. Няма такой сілы, якая вярнула б яму жыццё». Але ўжо ў снежні 1944-га адбыўся першы гарадскі нядзельнік, пачалося аднаўленне станкабудаўнічых заводаў. Людзі здзяйснялі яшчэ адзін подзвіг – працоўны.

Герой Советского Союза Федор Стебенёв.jpg
Герой Савецкага Саюза Фёдар Сцебянёў

Увечары 27 чэрвеня 1944 года Масква салютавала войскам, якія вызвалілі горад. 41 злучэнне і часць атрымалі ганаровае найменне «Аршанскія». У выніку Віцебскааршанскай аперацыі савецкія войскі разграмілі буйную групоўку ворага і да 150 км прасунуліся на захад, вызваліўшы значную частку БССР. Былі створаны спрыяльныя ўмовы для разгортвання наступу на Мінск.

Між тым нашы войскі з двух бакоў падышлі да Оршы і ў другой палове дня 26 чэрвеня пачаўся маштабны штурм. У ім удзельнічалі: 16-я гвардзейская стралковая дывізія – з поўначы, 84-я гвардзейская – з паўночназапада, 25-я брыгада 2-га гвардзейскага Тацынскага танкавага корпуса – з захаду. Злучэнні 31-й арміі ішлі на штурм з усходу і поўдня. Гітлераўцы вымушаны былі распыляць сілы ў розных напрамках. 27 чэрвеня часткі 11-й гвардзейскай і 31-й армій (камандуючыя – генерал-лейтэнант Кузьма Галіцкі і генерал-лейтэнант Васіль Глаголеў) цалкам вызвалілі Оршу ад акупантаў. Высокае майстэрства ў арганізацыі наступлення паказаў камандзір 753-га стралковага палка 192-й стралковай дывізіі 31-й арміі 3-га Беларускага фронту палкоўнік Фёдар Сцебянеў. Даручаны яму полк пасля глыбокага абыходу выйшаў да паўночназаходнім ускраінах і першым з дывізіі ўварваўся ў горад. Імкліва наступаючы, чырвонаармейцы авалодалі чыгуначнай станцыяй Орша Заходняя. Праціўнік панёс вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы. Фёдару Сцебянёву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У баях за Оршу вызначыўся малодшы сяржант 77-га гвардзейскага стралковага палка 26-й гвардзейскай стралковай дывізіі Юрый Смірноў, які быў паранены і трапіў у палон. Пад катаваннямі 18-гадовы хлопец не выдаў важныя звесткі і загінуў падчас допыту. Яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Такія ж узнагароды атрымалі сапёры 381-га асобнага сапёрнага батальёна 220-й стралковай дывізіі 3-й арміі 3-га Беларускага фронту сяржант Ягор Макееў і радавы Антон Юрчанка. 27 чэрвеня, знішчыўшы ахову праціўніка, яны захапілі падрыхтаваны да выбуху мост праз Днепр у раёне Оршы. Па ім прайшлі наступаючыя часці Чырвонай Арміі, пераследвалі адыходзячага праціўніка.




Мікалай Шаўчэнка, член Беларускага саюза журналістаў