Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Так кавалася перамога. Слуцк

Конна-механізаваная група пад камандаваннем генерал-лейтэнанта І. А. Пліева 28 чэрвеня вызваліла горад Старыя Дарогі і перадавымі атрадамі выйшла на подступы да Слуцка. У яго цэнтры кругавую абарону занялі два нямецкія палкі з танкамі.

На досвітку 30 чэрвеня пасля кароткай артылерыйскай падрыхтоўкі злучэння 4-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса атакавалі Слуцкі гарнізон праціўніка, прарвалі яго абарону на флангах і пачалі імкліва прасоўвацца да цэнтра горада. З Усходу ў Слуцк уварваліся танкі 1-га механізаванага корпуса, з паўночнага ўсходу – 35-я мотастралковая брыгада гэтага ж корпуса, а з поўдня –часткі 3-га стралковага корпуса 28-й арміі. У баях за вызваленне горада актыўны ўдзел прымала авіяцыя, якая з паветра прыкрывала арміі. 29 чэрвеня 8 штурмавікоў Іл-2 пад прыкрыццём 4-х знішчальнікаў Як-9 нанеслі бомбавы ўдар па чыгуначнай станцыі Слуцк. Герой Савецкага Саюза Рыгор Баламуткін успамінаў:«... з вышыні 900 метраў скінулі бомбы, рэактыўныя снарады, затым адкрылі гарматна-кулямётны агонь...унізе былі бачны разваліны Слуцка...».

Да 11 гадзін 30 чэрвеня 1944 года горад быў цалкам ачышчаны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Васьмі часткам і злучэнням, якія вызначыліся ў баях за вызваленне горада і раёна, было прысвоена ганаровае найменне «Слуцкія».