Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Так кавалася перамога. Полацк

У бітве за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў важнае месца займае Полацкая наступальная аперацыя. Яе правялі 29 чэрвеня – 4 ліпеня 1944 года войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту пад камандаваннем генерала арміі Івана Баграмяна.

У мемуарах «Так ішлі мы да перамогі» Іван Хрыстафоравіч успамінаў: «Калі вызваленне Віцебска адкрывала нам шлях у паўночную частку Беларусі, то з узяццем Полацка ліквідавалася сур'ёзная перашкода на шляху ў цэнтральную частку Прыбалтыкі». У гэтай бітве войскам Чырвонай Арміі супрацьстаялі 16-я армія са складу групы армій «Поўнач» і часткі 3-й танкавай арміі групы армій «Цэнтр». У раёне Полацка фашысты разгарнулі магутную абарончую лінію з грознай назвай «Тыгр». Дадатковую перашкоду стварала і багністая мясцовасць.

Напярэдадні Полацкай наступальнай аперацыі ў франтавым друку быў апублікаваны ліст-зварот старшыны медыцынскай службы Зінаіды Тусналобавай да байцоў 1-га Прыбалтыйскага фронту. Маладая жанчына вынесла з поля бою звыш 120 байцоў, была цяжка паранена і ў 23 гады засталася без рук і ног. «Салдаты! Я была вашым таварышам, ішла з вамі ў адным страі. Цяпер не магу больш змагацца. І я прашу вас: адпомсціце! Адпомсціце за мяне, за мой родны Полацк!... За нашу скатаваную зямлю, за нашу растаптаную маладосць, за попел сельскіх пажарышчаў, за руіны гарадоў!». Гэты ліст абмяркоўваўся ва ўсіх злучэннях, частках і падраздзяленнях фронту. Яго зачытвалі перад вырашальнымі баямі. На ствалах гармат, фюзеляжах самалётаў, вежах танкаў воіны-вызваліцелі пісалі «За Зіну Тусналобаву!».

Наступленне пачаўся 29 чэрвеня пасля саракахвіліннай артылерыйскай падрыхтоўкі. 6-я гвардзейская (генерал-палкоўнік Іван Чысцякоў) і 43-я (генерал-лейтэнант Афанасій Белабародаў) арміі абыходзілі горад з поўдня, а 4-я ўдарная армія (генерал-лейтэнант Пётр Малышаў) – з поўначы. З паветра наземныя войскі актыўна падтрымлівала авіяцыя 3-й паветранай арміі (генерал-лейтэнант Мікалай Папівін). Увечары 1 ліпеня злучэнні 22-га гвардзейскага стралковага корпуса генерала Архіпа Ручкіна прарваліся да ўсходняй ускраіны горада. Да гэтага часу наступаючыя злучэнні і часці перарэзалі чыгунку Полацк – Маладзечна і вялі начныя баі. Падтрымліваемая танкамі, наша пяхота прасоўвалася наперад. 2 ліпеня на пярэдні край абароны вырваўся Т-34 пад камандаваннем малодшага лейтэнанта Васіля Халева. Выдаткаваўшы ўсе боепрыпасы, баявая машына была падбіта. Экіпаж да апошняй хвіліны адбіваўся ад ворагаў гранатамі і загінуў, не здаўшыся ў палон. У іх памяць у Полацку на п'едэстале ўсталяваны танк Т-34. Імем Героя Савецкага Саюза Васіля Халева названая вуліца.

Імклівае наступленне Чырвонай Арміі вораг ужо быў не ў сілах спыніць. 3 ліпеня на бераг Заходняй Дзвіны выйшла 51-я гвардзейская стралковая дывізія ў складзе 6-й арміі. Для пераправы быў патрэбны мост. З трох уцалеў толькі адзін, драўляны. Таму вырашылі пачаць атаку і захапіць адзіную пераправу. Штурмавой групай 8-й роты камандаваў гвардыі лейтэнант Аляксандр Грыгор'еў. Смельчакі ўзялі мост і замацаваліся на правым беразе. Цаной неймаверных намаганняў ім удалося ўтрымаць плацдарм да падыходу асноўных сіл Чырвонай Арміі. З 23 чалавек у жывых засталіся двое. Паэт і кампазітар Юрый Візбар прысвяціў гэтай падзеі пранікнёную песню «Цана жыцця». У ёй, у прыватнасці, ёсць такія радкі: «Чатырнаццаць нападаў лавай тугою біліся аб гэты малы дэсант. Дзякуй вам за ўсё, таварыш Грыгор'еў – камандзір дэсанту, старшы лейтэнант» У 1989 годзе ў Полацку на правым беразе Заходняй Дзвіны ўсталяваны помнік у гонар 23-х адважных байцоў. На стэле – імёны загінуўшых, з яе вяршыні ў неба ляцяць бронзавыя журавы.

1 памятник 23-м героям (1).jpg

Горад быў вызвалены да поўдня 4 ліпеня 1944 года. У выніку Полацкай наступальнай аперацыі савецкім войскам удалося авалодаць магутным вузлом абароны праціўніка. За шэсць дзён бітвы было знішчана 6 варожых дывізій, звыш 7 тыс. салдат і афіцэраў трапілі ў палон. У баях за вызваленне Полацка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вялікую дапамогу чырвонаармейцам аказалі партызаны. Яны знішчалі камунікацыі ворага, удзельнічалі ў вызваленні населеных пунктаў, чыгуначных станцый. Не заставаліся ў баку ад барацьбы з фашыстамі і мясцовыя жыхары. Воіны 159-й танкавай брыгады запомнілі Марыю Андрэеўну Кашук з вёскі Попкі Ветрынскага раёна. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, жанчына праводзіла іх па балоцістай мясцовасці ў тыл ворага.

Загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага 31-е злучэнне і воінская частка, якія вызначыліся пры вызваленні горада, былі ўдастоены ганаровага наймення «Полацкіх». Больш за 30 байцоў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. У горадзе і яго ваколіцах устаноўлены памятныя знакі і мемарыялы, імёнамі абаронцаў названы вуліцы. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў адной з залаў размешчаны комплекс, прысвечаны Полацкай наступальнай аперацыі. Тут знаходзяцца фатаграфіі вулічных баёў, дакументы, узнагароды і асабістыя рэчы герояў-вызваліцеляў.

Мікалай Шаўчэнка,
член Беларускага саюза журналістаў