Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Так кавалася Перамога. Магілёў

80 гадоў назад, з 23-га па 28 чэрвеня 1944 года, злучэннямі і часцямі Чырвонай Арміі была паспяхова праведзена Магілёўская аперацыя – састаўная частка беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён».

Ваеначальнікі абмяркоўваюць баявыя задачы фронту.jpg
Ваеначальнікі абмяркоўваюць баявыя задачы фронту

У адпаведнасці з планам войскам 2-га Беларускага фронту (камандуючы – генерал-палкоўнік Георгій Захараў) ва ўзаемадзеянні з левым крылом 3-га і правым крылом 1-га Беларускіх франтоў (камандуючыя – генерал-палкоўнік Іван Чарняхоўскі і генерал арміі Канстанцін Ракасоўскі) трэба было разграміць магілёўскую групоўку праціўніка, фарсіраваць Днепр галоўнымі сіламі, авалодаць горадам і развіць наступ у заходнім кірунку. Дзеянні наземных войскаў падтрымлівала 4-я паветраная армія генерал-палкоўніка авіяцыі Канстанціна Вяршыніна. Чырвонаармейцам супрацьстаялі злучэнні 4-й палявой арміі гітлераўцаў колькасцю 114 тыс.чалавек, якія мелі 320 танкаў, звыш 2,2  тыс. гармат і мінамётаў. Паміж рэкамі Проня і Дняпро праціўнік стварыў глыбока эшаланаваную абарону. Населеныя пункты, уключаючы Магілёў, былі ператвораны ў апорныя пункты і з'яўляліся састаўной часткай агульнай сістэмы абароны.

Яшчэ да пачатку аперацыі «Баграціён» чыгуначныя падыходы да магілёўскага плацдарму былі цалкам паралізаваны. Партызаны атрымалі заданне разбураць камунікацыі праціўніка, аказваць садзейнічанне савецкім войскам пры фарсіраванні водных перашкод. Так, 1-я брыгада Мікалая Масквіна, якая дзейнічала ў складзе злучэння «Трынаццаць», падарвала двухкіламетровы ўчастак пуці ў раёне станцыі Слаўнае. Партызаны Круглянскай ваенна-аператыўнай групы пад камандаваннем Філіпа Новікава спынілі рух на ўчастку Орша – Магілёў і на аўтадарогах, якія вялі на поўнач і паўночны ўсход ад абласнога цэнтра. Таксама былі знішчаны нямецкія гарнізоны ў Талачыне, круглым і Шклове.

Чырвонаармейцы фарсіруюць Заходні бераг Дняпра ў раёне Магілёва.jpg
Чырвонаармейцы фарсіруюць Заходні бераг Дняпра ў раёне Магілёва

Галоўную ўдарную сілу фронту складала 49-я армія генерала Івана Грышына, якая пераўзыходзіла суперніка па пяхоце больш чым у два разы, па артылерыі – у чатыры, па танках – у паўтара раза. 33-я армія генерала Васіля Кручэніна і 50-я армія генерала Івана Болдзіна, якія дзейнічалі на левым і правым крыле 2-га Беларускага фронту, павінны былі трывала трымаць займаныя палосы абароны і быць гатовымі перайсці ў наступ, асабліва на сумежных з 49-й арміяй флангах.

Ноч 22-23 чэрвеня 1944 года адзначылася магутнай падрыхтоўкай наступу з удзелам бамбавікоў авіяцыі далёкага дзеяння і 4-й паветранай арміі. Было здзейснена 619 самалётавылётаў, у выніку чаго праціўнік панёс значныя страты. Пасля двухгадзіннай артылерыйскай падрыхтоўкі войскі 49-й арміі перайшлі ў наступ.

У першы дзень злучэння прарвалі абарону праціўніка на 12-кіламетровым участку і прасунуліся на глыбіню 5 – 8 км. Ударная групоўка фронту на працягу двух наступных дзён фарсіравала раку Басю і да зыходу 25 чэрвеня, прасунуўшыся на 25 км, выйшла да ракі Рэст. У той жа дзень, выкарыстоўваючы поспех 49-й арміі, перайшлі ў наступ правафлангавыя злучэнні 50-й арміі, якія таксама дасягнулі Рэсты. У ходзе гэтых дзеянняў былі вызвалены Чавусы і больш за 200 іншых населеных пунктаў.

У ноч на 26 чэрвеня перадавы атрад 42-й дывізіі выйшаў да шасэ Орша – Магілёў, дзе знішчыў аўтакалону праціўніка і ў 3 гадзіны ночы дасягнуў Дняпра ў раёне вёскі Дабрэйка. Да раніцы на падручных сродках байцы фарсіравалі раку, паглыбіліся на 3 км і перарэзалі шасэ Шклоў – Магілёў. 12 гадзін савецкія воіны ўтрымлівалі плацдарм да прыходу асноўных сіл дывізіі. Першым пераправіўся на Заходні бераг Дняпра 44-ы стралковы полк, які разам з перадавым атрадам адбіў контратакі праціўніка, пашырыў і замацаваў плацдарм. Байцы дывізій 69-га стралковага корпуса захапілі два невялікіх плацдарма на заходнім беразе. Пасля кароткай артпадрыхтоўкі па ўсім фронце перайшлі ў наступ войскі 81-га, 70-га і 62-га стралковых карпусоў. Паспяхова дзейнічалі ў сваіх палосах і войскі 33-й арміі. Спробы праціўніка адчайнымі контратакамі затрымаць прасоўванне савецкіх войскаў да Магілёва поспеху не мелі. Фашыстам прад'явілі ўльтыматум, які яны не прынялі. Быў загад Гітлера: горад утрымаць любой цаной. Завязаліся вулічныя баі. Спробы фашысцкіх войскаў вырвацца пацярпелі няўдачу.

Жыхары Магілёва сустракаюць вызваліцеляў. 28 чэрвеня 1944 года.jpg
Жыхары Магілёва сустракаюць вызваліцеляў. 28 чэрвеня 1944 года

Да раніцы 28 чэрвеня 290-я дывізія авалодала паўночнай ускраінай горада. Да поўдня ў цэнтр увайшлі часці 238-й дывізіі 50-й арміі. Гарнізон праціўніка быў расколаты на дзве часткі. З гэтага моманту баі набылі ачаговы характар. Даўжэй за ўсё немцы аказвалі супраціў у раёне чыгуначнага вакзала.

Да 18 гадзін 28 чэрвеня Магілёў быў цалкам вызвалены. У загадзе Вярхоўнага Галоўнакамандуючага паказвалася, што «войскі 2-га Беларускага фронту, фарсіраваўшы Днепр на ўчастку працягласцю 120 км, прарвалі другую абарончую паласу праціўніка, падрыхтаваную на заходнім беразе ракі, штурмам авалодалі горадам Магілёвам – аператыўна важным вузлом абароны ворага на мінскім напрамку, а таксама з баямі занялі гарады Шклоў і Быхаў». У гэтых баях фашысты страцілі каля 6 тыс. салдат і афіцэраў, 3,4 тыс. трапілі ў палон. Савецкія войскі захапілі шмат узбраення і тэхнікі. Масква салютавала вызваліцелям. За баявыя адрозненні 21 злучэнне і часць атрымалі ганаровыя найменні «Магілёўскія», 32 – «Верхнедняпроўскія». За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў Магілёўскай аперацыі, 92 савецкім воінам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, 28 салдат і афіцэраў атрымалі яго за вызваленне горада.

Мікалай Шаўчэнка, член Беларускага саюза журналістаў