Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Так кавалася перамога. Бабруйск

80 гадоў назад, у перыяд з 24 па 29 чэрвеня 1944 года, войскі правага крыла 1-га Беларускага фронту (3-я, 48-я, 65-я і 28-я арміі і 16-я паветраная армія) паспяхова правялі Бабруйскую наступальную аперацыю.

На бобруйском направлении наступает пехота.jpgЧырвонаармейцам трэба было прарваць абарону праціўніка на двух участках, акружыць і знішчыць групоўку ворага, авалодаць горадам. Далей трэба было выйсці ў раёны Пухавічаў і Слуцка, развіваючы рух на Мінск.

Наступленне праводзілася па моцна перасечанай мясцовасці, з шырокімі ляснымі масівамі, рэкамі і балотамі, што ў значнай ступені абмяжоўвала дзеянні, асабліва танкавых частак. У мемуарах «Салдацкі абавязак» маршал Канстанцін Ракасоўскі ўспамінаў: "Нялёгкая справа чакала нашых салдат і афіцэраў – прайсці гэтыя гіблыя месцы, прайсці з баямі, прайсці імкліва. Людзі рыхтавалі сябе да гэтага подзвігу ... было выраблена мноства мокраступаў – балотных лыж, валакуш для кулямётаў, мінамётаў і лёгкай артылерыі, зробленыя лодкі і плыты... разам з сапёрамі танкісты забяспечылі кожны танк фашынамі, бярвёнамі і адмысловымі трохвугольнікамі для праходу праз шырокія равы». Для праходжання танкаў і машын інжынерныя часткі будавалі драўляныя дарогі – гаці.

На Бабруйскім напрамку абарону трымала 9-я нямецкая палявая армія ў складзе дзевяці дывізій. У радыусе 20-30 кіламетраў ад Бабруйска былі створаны два абарончыя рубяжы. У ноч на 24 чэрвеня 1944-га авіяцыя 16-й паветранай арміі генерал-палкоўніка авіяцыі Сяргея Рудэнкі падвергла моцнай бамбардзіроўцы пярэдні край праціўніка, асабліва ў раёнах Парычаў, Селішча, Гомзы, Сякірычаў, Чэрніна. Раніцай у атаку накіраваліся злучэнні 3-й і 48-й армій (камандуючыя – генерал-лейтэнант Аляксандр Гарбатаў і генерал-лейтэнант Пракофій Раманенка), следам варожыя пазіцыі атакавалі 28-я і 65-я арміі (камандуючыя – генерал-лейтэнант Аляксандр Лучынскі і генерал-палкоўнік Павел Батаў). На абодвух участках прарыву разгарнуліся жорсткія баі. Пасля таго як 18-ы стралковы корпус генерал-маёра Івана Іванова прарваў абарону праціўніка, у пралом, які ўтварыўся, увайшоў 1-ы гвардзейскі танкавы корпус (камандзір – генерал-маёр Міхаіл Паноў). Зламаўшы супраціў парыцкай групоўкі ворага, танкістам удалося дабрацца да чыгункі, якая вядзе на Бабруйск.

На другі дзень аперацыі на стыку 65-й і 28-й армій у бітву ўвайшла конна-механізаваная група генерала Ісы Пліева. Пад націскам нашых ударных злучэнняў вораг быў выбіты з займаных рубяжоў. Высокіх тэмпаў наступу савецкія воіны дасягнулі за кошт сваіх смелых і рашучых дзеянняў, а таксама бязмежнай мужнасці і гераізму. Перакрыць апошнія пуці адыходу праціўніка наземным войскам дапамаглі экіпажы бранякатэраў Дняпроўскай ваеннай флатыліі пад камандаваннем капітана 1-га рангу Вісарыёна Грыгор'ева: караблі падтрымлівалі агнём, перапраўлялі праз Бярэзіну салдат і тэхніку.

26 чэрвеня войскі 65-й арміі вызвалілі Парычы. Разрозненыя падраздзяленні і групы 41-га танкавага корпуса ў паніцы беглі да Бабруйска. 27 чэрвеня паўднёва-ўсходнее і ў раёне горада апынулася больш за шэсць дывізій, а таксама асобныя часткі 9-й нямецкай арміі агульнай колькасцю да 40 тыс. чалавек, вялікая колькасць ўзбраення і баявой тэхнікі. Для хутчэйшага знішчэння акружаных гітлераўцаў была прыцягнута авіяцыя 16-й паветранай арміі. У неба падняліся 400 бамбавікоў і штурмавікоў пад прыкрыццём 126 знішчальнікаў. Масіраваны налёт працягваўся паўтары гадзіны. Маршал авіяцыі Сяргей Рудэнка ўспамінаў, што ў выніку гэтых дзеянняў вораг страціў шмат салдат і афіцэраў, звыш тысячы танкаў, штурмавых і іншых гармат рознага калібра, каля 6 тыс. аўтамашын і цягачоў. 28 чэрвеня Бабруйскі кацёл быў ліквідаваны.

Адначасова баі ішлі і за сам горад, гарнізон якога налічваў больш за 10 тыс. гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Вакол Бабруйска была створана кругавая абарона, а подступы да яго замініраваны. Усю ноч з 27 на 28 чэрвеня на ўскраінах ішла бітва, якая не заціхала і ў наступныя суткі. На досвітку 29 чэрвеня войскі 48-й арміі пры садзейнічанні 65-й арміі, завяршыўшы разгром акружанай групоўкі, вызвалілі горад на Бярэзіне. «Сёння нашы войскі цалкам ліквідавалі акружаную ў раёне Бабруйска варожую групоўку. У палон узята 33 тыс. нямецкіх салдат і афіцэраў...». Так пачыналася зводка ад Савецкага Інфармбюро 29 чэрвеня 1944 года. А ўжо праз два дні савецкія войскі рушылі на вызваленне Мінска.

Па выніках праведзенай аперацыі дваццаць злучэнняў і частак, якія найбольш вызначыліся ў баях былі ўдастоены ганаровага наймення «Бабруйскія». Памяць аб тых падзеях захоўваецца па гэты дзень. Каля вёскі Сычкава ўзвышаецца велічны мемарыял у гонар воінаў 1-га Беларускага фронту і партызан, якія ў чэрвені 1944-га разграмілі гітлераўскую групоўку. Помнік воінам-вызваліцелям ёсць і ў ваколіцах Шчаткова. У месцы, дзе 80 гадоў назад разгарэліся кровапралітныя баі за пераправу і зачынілася вечка Бабруйскага катла, праходзяць ваенна-гістарычныя рэканструкцыі. Аб Бабруйскай наступальнай аперацыі можна даведацца і ў адной з залаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У вітрыне размешчаны фатаграфіі і асабістыя рэчы ваеначальнікаў і воінаў, сюжэтныя фатаграфіі бітваў. На месцах баёў і сёння праводзяцца пошукавыя экспедыцыі, якія дапамагаюць адкрываць новыя імёны загінуўшых тут герояў. Ніхто не забыты і нішто не забыта!

Мікалай Шаўчэнка, член Беларускага саюза журналістаў