Па дарозе неўміручасці. Бешанковічы
…Мы не схіснуліся пад бурай,
Навалай дзікае арды.
Бандыт заплаціць сваёй скурай
За нашы сёлы, гарады.
Вышэй, ярчэй узнімем молат,
Распалім горны гарачэй.
На абарону, мой люд-волат!
Удар па ворагу ямчэй!
Якуб Колас («На абарону»)
…Бешанковіцкі раён нямецкія войскі акупіравалі 10 ліпеня 1941 года. Мірнае насельніцтва з першых жа дзён пачало адчуваць жахі фашысцкага прыгнёту. Для кантролю над захопленай тэрыторыяй у Бешанковічах і Уле былі створаны ваенныя і гаспадарчыя камендатуры. Раённы цэнтр, г. п. Улу і вёскі Астроўна, Бачэйкава, Сакарова пераўтварылі ў воінскія гарнізоны.
Гэты перыяд стаў чорнай старонкай у гісторыі раёна. За гады акупацыі на яго тэрыторыі былі поўнасцю або часткова спалены больш за 100 вёсак. Найбольш пацярпелі такія населеныя пункты, як Беркава, Багданава, Бортнікі, Бачэйкава, Ганковічы, Дашкава, Дворнікі, Дуброва, Дзятлава, Зорнікі, Комлі, Казлоўшчына, Люлюкі, Нізгалова, Астравы, Рэвякі, Сокарава, Хоціна, Шыпулі і іншыя, дзе не засталося ніводнага дома. Не адрадзіліся з попелу пасля вайны вёскі Свіціна, Якубоўшчына, Шлехценіцы, Каранёва…
У вызваленні раёна, якое пачалося 24 чэрвеня 1944 года, удзельнічалі 39-я армія 3-га Беларускага, 6-я гвардзейская і 43-я арміі 1-га Прыбалтыйскага франтоў, а таксама 2-я Беларуская партызанская брыгада імя П.К. Панамарэнкі (2-га складу) пад камандаваннем М.І. Дзьячкова, якая 27 чэрвеня 1944 года злучылася з часцямі Чырвонай Арміі.
25 чэрвеня войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту фарсіравалі Заходнюю Дзвіну і захапілі плацдармы на яе левым беразе. Часці 39-й арміі замкнулі кальцо акружэння вакол Віцебскай групоўкі ворага.
Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага пры падрыхтоўцы і правядзенні аперацыі «Баграціён» перад войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту пазначыла бліжэйшую мэту «...сіламі 6 гв. і 43 армій прарваць абарону праціўніка ў раёне паўднёва-захад ад Гарадок ... фарсіраваць р. Зап. Дзвіна і Бешанковіцкі раён…».
Задача па вызваленні раённага цэнтра была паспяхова вырашана 71-й гвардзейскай стралковай дывізіяй (23 гв. стралковы корпус) ва ўзаемадзеянні з часткамі ўведзенай 46-й гвардзейскай стралковай дывізіі (2-й гв. стралковы корпус) і 306-й стралковай дывізіі ўжо да зыходу дня 25 чэрвеня.
26 чэрвеня была вызвалена ўся тэрыторыя раёна. У гэтых баях савецкія воіны праявілі сапраўдны гераізм, многіх адзначылі высокімі ўрадавымі ўзнагародамі.
Да прыкладу, ва ўзнагародным лісце Івана Мікітавіча Моціна ёсць такія радкі: "...25 чэрвеня пры фарсіраванні ракі Заходняя Дзвіна асабіста на плашчпалатцы, пад агнём праціўніка фарсіраваў раку, затым усталяваў кулямёт у раёне царквы Бешанковічы, даў кругавы абстрэл подступаў да пераправы з боку праціўніка, тым самым стварыў магчымасць пераправіцца роце…».
Гвардыі старшы сяржант Антонаў " ... пры фарсіраванні ракі Заходняя Дзвіна 25.06.44 года і авалоданні населеным пунктам (райцэнтрам) Бешанковічы праявіў мужнасць і адвагу. Ён першым фарсіраваў раку ўплаў разам з тэлефонным кабелем і тэлефонам і на процілеглым беразе – неадкладна ўсталяваў сувязь з КП батальёна, чым спрыяў камандаванню кіраваць боем з супрацьлеглага берага ракі. Падчас бою за авалоданне населеным пунктам Бешанковічы тэлефонная сувязь ад артагня праціўніка ўвесь час парывалася. Тав. Антонаў, пагарджаючы смерць і баязлівасць, самааддана пад агнём праціўніка аднавіў звыш 10 парываў, чым спрыяў кіраўніцтву боем камандаванню палка. Населены пункт быў узяты».
За гераізм, праяўлены пры фарсіраванні Заходняй Дзвіны і вызваленне Бешанковіцкага раёна, больш за 150 воінам Чырвонай Арміі было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
З аператыўнай зводкі Саўінфармбюро за 25 чэрвеня 1944 года:
«На працягу 25 чэрвеня на захад ад горада Віцебск нашы войскі, развіваючы наступ, фарсіравалі раку Заходняя Дзвіна на фронце 30 кіламетраў і з баямі занялі больш за 150 населеных пунктаў... На ўсход ад Бешанковічаў нашы войскі перарэзалі шашэйную дарогу Віцебск-Лепель.
На поўдзень ад горада Віцебска нашы войскі, працягваючы паспяховы наступ, авалодалі раённымі цэнтрамі Віцебскай вобласці: горадам Сянно, горадам і буйной чыгуначнай станцыяй Багушэўск, а таксама з баямі занялі больш за 300 іншых населеных пунктаў ... войскі, надыходзячыя на поўдзень ад Віцебска, перарэзалі шашэйную дарогу Віцебск-Лепель у раёне Гняздзілавічаў, дзе злучыліся з войскамі, надыходзячымі на захад ад Віцебска…».